ПАГАДНЕ́ННЕ 1408 Заключана 14 вер. паміж вял. кн. ВКЛ Вітаўтам і вял. кн. маскоўскім Васілём I, завяршыла вайну 1406—08. Ваенныя дзеянні былі выкліканы бояззю Масквы далейшага ўзмацнення ВКЛ пасля канчатковага падпарадкавання Вітаўтам у 1404 Смаленскага княства. У лют. 1406 Вітаўт напаў на Пскоў, што выклікала беспаспяховы паход Васіля I на Вязьму і Сярпейск. У адказ Вітаўт зрабіў рэйд углыб маскоўскай тэрыторыі, захапіў Варатынск і Казельск. У вер. 1406 бакі заключылі перамір’е да 15.5.1407. У 1407 Вітаўт спаліў Адоеў, ваяваў на тэр. Навасільскага княства і ў маскоўскіх землях. Васіль I спаліў г. Дзмітравец, пасля чаго заключана перамір’е да 29.6.1408. Увосень 1408 праціўнікі сышліся ў вусці р. Угра і пасля некалькіх дзён стаяння «взяша мир вечный». Была захавана старая мяжа паміж Маскоўскім вял. княствам і смаленскімі землямі ВКЛ (у т.л. па Угры), аднак у час вайны Вітаўт здолеў замацавацца на землях Верхняй Акі, падпарадкаваць сабе Мцэнск, Любуцк, Карачаў, Бялёў і інш.
т. 11, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)